ЗЯМЕ́ЛЬНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,
гістарычна вызначаная грамадская форма прысваення (індывідуумам або калектывам) зямлі. Адлюстроўвае вытв. адносіны паміж людзьмі ў сувязі з выкарыстаннем зямлі як натуральнай умовы ўсякай вытв-сці і гал. сродку вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Першай гіст. формай З.у. была абшчынная ўласнасць на зямлю, сродкі яе апрацоўкі і гатовы прадукт. Рабаўладальніцкая форма З.у. ўключала абшчынную, храмавую, дзярж., прыватную (індывід.). У сярэднія вякі пераважала феадальная З.ў. Для таварнай формы грамадскай вытв-сці характэрна прыватная капіталіст. форма З.ў., для сацыяліст. — грамадская, калектыўная, агульнанародная.
Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 нетры, вада, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі (1990) грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на атрыманне зямельных участкаў і пажыццёвае ўладанне (з перадачай у спадчыну) імі: для вядзення сял. гаспадаркі — да 50 га, дачнага буд-ва і індывід. садаводства — па 0,1 га, для буд-ва і абслугоўвання жылога дома ў гарадах і пасёлках гар. тыпу — 0,05—0,15 га, у сельскіх населеных пунктах — 0,15—0,25 га. Для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі дазваляецца мець 1 га зямлі (памеры ўчасткаў устанаўліваюцца мясц. органамі ўлады). Паводле закона Рэспублікі Беларусь «Аб праве ўласнасці на зямлю» (1993) прыватная зямельная ўласнасць дазваляецца для вядзення ўсіх відаў асабістых дапаможных гаспадарак грамадзян, дзярж. — захоўваецца для вядзення таварнай сельскай гаспадаркі (калгасы, дзяржгасы, фермерскія гаспадаркі і інш.).
А.І.Ківейша.
т. 7, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)